ГАЛЕРЕЯ ПОЗДРАВЛЕНИЙ С 85-ЛЕТНИМ ЮБИЛЕЕМ ШКОЛЫ!

Дата: 10 февраля 2022 в 12:14
Автор: Абас И. И.
211 просмотров

Віншаванне з 85-годдзем школы ад выпускніцы Соркінай (Пуставой) Іны Валер'еўны, кандыдата гістарычных навук, дацэнта

Віншаванне з 85-годдзем школы ад выпускніцы Соркінай (Пуставой) Іны Валер'еўны, кандыдата гістарычных навук, дацэнта:

"Сардэчна віншую ўсю нашу вялікую супольнасць - педагогаў, навучэнцаў, выпускнікоў - з 85-годдзем нашай любімай школы! 
Мае цудоўныя школьныя гады прайшлі ў 1980-я. Мне выпала шчасце вучыцца ў найлепшых капыльскіх Настаўнікаў, у часы дырэктарства выбітнага педагога-наватара светлай памяці Барыса Канстанцінавіча Багдановіча! Кожны з Настаўнікаў закладаў сваю цаглінку не толькі ў фарміраванне нашых ведаў, уменняў і навыкаў, але і вучыў  быць Чалавекам і Асобай! Нашаму 35-му выпуску (1988 год) пашанцавала вучыцца ў цікавы перыяд "перабудовы" - дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне, калі адкрываліся невядомыя раней старонкі нашай гісторыі. Майму зацікаўленню сацыя-гуманітарнымі навукамі, у тым ліку гісторыяй, паспрыялі незабыўныя ўрокі і музейная праца Ларысы Мікалаеўны Нікалаевай - за што я шчыра ўдзячная! Гэта ў многім вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Словы глыбокай павагі і ўдзячнасці хочацца выказаць таксама педагогам- прафесіяналам сваёй справы Анатолію Мікалаевічу Сікорскаму, Валянціне Васільеўна Данілевіч, Валянціне Андрэеўне Гузавай,  Таццяне Паўлаўне Міхайлоўскай, Івану Ануфрыевічу Гурыновічу і многім іншым! Вам, дарагія нашы Настаўнікі, - вялікі дзякуй і нізкі паклон, пажаданні моцнага здароўя і радасці жыцця! 
На вялікі жаль, некаторых маіх настаўнікаў ужо няма ў жывых - светлая памяць Паўлу Васільевічу і Ніне Мікалаеўне Сямёнавым, маёй першай настаўніцы - Кацярыне Палікарпаўне Гамзе...
Я вельмі ганаруся сваёй школай! Радуюся, што цяпер яна носіць імя нашага выбітнага  земляка Цішкі Гартнага (Зміцера Жылуновіча). Упэўненая, што гэта спрыяе выхаванню сапраўдных патрыётаў Беларусі - з пачуццём глыбокай павагі і любові да беларускай мовы, культуры, гісторыі, адказнасці за будучыню нашай краіны! Сённяшняму педагагічнаму калектыву школы жадаю моцы, трываласці і аптымізму! Настаўнік у сучасных умовах павінен быць, найперш, Чараўніком: нягледзячы ні на што, пераадольваючы ўсе перашкоды і выклікі, шчыра і самааддана, з любоўю да дзяцей і да сваёй працы, з гонарам несці сваю педагагічную місію! 
Плёну! Здзяйснення мараў! Божай падтрымкі!
 З павагай, 
Іна Соркіна (Гродна)"

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.