Материал для подготовки информационного часа 03.11.2015

Дата: 1 ноября 2015 в 07:33
1 397 просмотров

БІЯГРАФІЯ

Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) нарадзіўся 4 лістапада 1887 г. у мястэчку Капыль у сям'і бедных сялян-чорнарабочых. .Бацька, Хведар Лукутавіч Жылуновіч, - прафесійны грабар, ці землякоп. Маці Яўгенія Антонаўна ткала палатно на продаж, наймалася на падзённую працу.

На адзінаццатым годзе жыцця Зміцер пайшоў у пастухі-найміты, пасабляючы грашыма сваім бацькам. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым была вучоба ў «дарэктараў», хатніх настаўнікаў. Летам хлапчук пасвіў жывёлу, а зімой вучыўся. Грамата давалася лёгка. У 1902 г. Зміцер Жылуновіч паступіў у двухкласнае Капыльскае народнае вучылішча, якое закончыў у 1905 г. У лютым 1906 г. паступіў на працу ў гарбарную майстэрню ў родным мястэчку, стаў актыўным удзельнікам рэвалюцыйных выступленняў рабочых і сялян Капыля. Яго выбіраюць членам камітэта сацыял-дэмакратычнай арганізацыі – адказным за культурна-асветніцкую работу сярод моладзі.

У 1909 г. Гартны пакідае роднае мястэчка. У пошуках працы ён аб’ездзіў шмат гарадоў Беларусі, Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі. Наведванне буйных гарадоў, новыя сустрэчы з людзьмі дапамагалі маладому пісьменніку глыбей вывучаць жыццё.

У 1910 г. пры актыўным садзейнічанні Зміцера Жылуновіча ў Капылі быў створаны літаратурна-грамадскі гурток «Самаадукацыя і развіццё», які наладзіў выпуск рукапіснага часопіса «Заря» на рускай мове, затым “Голос низа”, і дадатак да яго “Вольная думка” – зборнік твораў маладых аўтараў. Аўтары імкнуліся зацікавіць чытачоў падзеямі грамадскага  і палітычнага жыцця, абуджалі нацыянальную самасвядомасць, чалавечую годнасць простага чалавека, клікалі да свабоды. Тады ж Зміцер Жылуновіч  і абраў сабе псеўданім Гартны, што значыць – моцны, загартаваны.

Вясной 1913 г. Гартны прыехаў у Пецярбург. Тут ён становіцца карэспандэнтам бальшавіцкай газеты «Правда». Пяць месяцаў працаваў на заводзе «Вулкан», затым тры месяцы быў беспрацоўным. У хуткім часе ўладкаваўся на працу ў выдавецтва «Новый человек». Першую сусветную вайну паэт сустрэў варожа , зразумеўшы яе антынародны характар. Ён бачыў, як тысячы бежанцаў пацягнуліся па дарогах Беларусі. У 1915 г. быў мабілізаваны ў войска, але праз месяц адпушчаны. У 1916 г. працаваў у Беларускім бежанскім камітэце. 1 лістапада 1916 г. пачаў  выдаваць газету на беларускай мове «Дзянніца». У сакавіку 1917 г. бежанскі камітэт беларусаў паслаў Зміцер Жылуновіча сваім дэпутатам у Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Створаная ў Петрагарадзе Беларуская сацыялістычная грамада выбрала яго сваім старшынёй. У снежні 1917 г. удзельнічаў у рабоце Усебеларускага з’езда.

14 лютага 1918 г. быў арганізаваны Беларускі нацыянальны камісарыят пры ўрадзе РСФСР. Зміцер Жылуновіч назначаецца адказным сакратаром камісарыята і рэдактарам яго друкаванага органа на беларускай мове – газеты “Дзянніца”. У кастрычніку 1918 г. уступае ў члены РКП(б).

Пасля абвяшчэння Беларусі савецкай рэспублікай 1 студзеня 1919 г.

Ц. Гартны — старшыня Часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада.

 Ён быў і аўтарам маніфеста Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі. Маніфест абвясціў аб прыналежнасці ўсёй улады ў Беларусі Саветам рабочых, сялянскіх, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Аб’явіў роўнасць у правах працоўных усіх нацыянальнасцей. Дэклараваў пераход зямлі, лясоў, вады і зямных нетраў, фабрык, заводаў і банкаў ва ўласнасць рабочых і бяднейшага сялянства, устанаўліваў 8-гадзінны рабочы дзень. 

Усяго месяц працаваў Цішка Гартны старшынёй першага баларускага ўрада, але месяц гэты па сваім значэнні раўняецца гадам.Адразу паклапаціўся, каб  на радзіму вярнуліся многія вядомыя беларусы. Дбаў аб адкрыцці дзяржаўнага выдавецтва, выпуску газеты “Савецкая Беларусь”, змагаўся супраць перадзелу дзяржаўных граніц.

         Летам 1919 г. Цішка Гартны быў накіраваны на Паўднёвы фронт палітработнікам штаба 14-ай арміі.

         У 20-я гады Цішка Гартны выбіраўся членам ЦВК БССР і СССР (1920-1931). Працаваў рэдактарам заснаванай у 1920 г. у Смаленску грамадска-палітычнай беларускамоўнай газеты «Савецкая Беларусь». Першы яе нумар з’явіўся ў свет 1 лютага 1920 г. З 1922 г. рэдактар часопіса «Полымя», дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі. Займаючы гэтыя пасады, дапамог многім пачынаючым паэтам і пісьменнікам, у тым ліку і сваім землякам, пачаць шлях у вялікую літаратуру. Узначальваў Дзяржаўны архіў БССР, здолеўшы сабраць і захаваць комплексы архіўных фондаў у цяжкіх умовах 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. Працаваў намеснікам міністра асветы БССР, загадчыкам Галоўмастацтва. Быў членам Інстытута беларускай культуры.

У 1928 г. абраны акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР. Член СП БССР з 1934 г.

         16 лістапада 1936 г. Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) быў арыштаваны органамі НКУС. Не вытрымаўшы фізічных і маральных здзекаў, памёр 11 красавіка 1937 года. Ен быў рэабілітаваны ў кастрычніку 1955 г. «за недаказанасцю злачынстваў» і толькі ў верасні 1987 г. — «за адсутнасцю саставу злачынства».

ТВОРЧАСЦЬ

Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) увайшоў у літаратуру «песняром працы і змагання», «першым пралетарскім паэтам Беларусі», як яго называлі — аўтарам першага закончанага беларускага рамана. Як мастак ён склаўся на перакрыжаванні дзвюх гістарычных эпох. Складанасць гэтага моманту адбілася ў яго літаратурнай дзейнасці, паўплывала на характар яго творчых пошукаў. Плённа працуючы амаль ва ўсіх літаратурных жанрах, пісьменнік пакінуў значную спадчыну. Услед за Янкам Купалам і Якубам Коласам Цішка Гартны заняў сталае месца ў гісторыі беларускай літаратуры.

У студзені 1908 г. у «Нашай Ніве» быў надрукаваны першы верш Ц. Гартнага «Бяздольны», прысвечаны Я. Купалу. У 1910 г. з'явіўся верш «Не хіліся, дуб зялёны», прысвечаны Я. Коласу. Творчасць выдатных беларускіх паэтаў аказала моцны ўплыў на Ц. Гартнага.

Першы паэтычны зборнік Ц. Гартнага «Песні» выйшаў у 1913 г. у Пецярбурзе. Ён складаўся з трох раздзелаў: «Песні працы», «Песні кахання» і «Жальбы і жаданні». Адметнасцю зборніка з'яўлялася тое, што Ц. Гартны выступіў як «пралетарскі паэт». Упершыню ў беларускай літаратуры побач з вобразам селяніна з'явіўся вобраз рабочага.

Цэнтральнае месца ў зборніку занялі «Песні гарбара». У вершах гэтага цыкла адлюстраваны невыносна цяжкія ўмовы працы рабочых у капіталістычным грамадстве. Разам з тым паэт паказвае, як рабочы пачынае ўсведамляць сваю годнасць і сілу, як абуджаецца ў ім сацыяльная актыўнасць,

Як празаік Ц. Гартны спрабаваў свае сілы ў розных формах эпічнага жанру: пісаў нататкі, нарысы, абразкі, апавяданні, аповесці, раман «Сокі цаліны». Яго апавяданні аб'яднаны ў зборнікі «Трэскі на хвалях» (1923) і «Прысады» (1927).

Рэвалюцыя, грамадзянская вайна, выпрабаванні і пакуты людзей у час акупацыі — такія тэмы знаходзяць асвятленне ў большасці апавяданняў зборніка «Трэскі на хвалях». Хісткае становішча чалавека ў грамадстве пад час грозных сацыяльных катаклізмаў адпавядае сімвалічнай назве кнігі. Пісьменнік спрабуе асэнсаваць драматычныя з'явы рэчаіснасці, выяўляе заклапочанасць лёсам сваіх герояў.

Найбольш значным творам Ц. Гартнага з'яўляецца раман «Сокі цаліны», над якім пісьменнік працаваў з 1914 па 1929 г. Твор складаецца з чатырох частак (квадраў): «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжовыя дарогі», «Чырвоныя зарніцы». Па сутнасці — гэта першы закончаны беларускі раман. Пісьменнік паставіў перад сабой мэту стварыць вобраз станоўчага героя свайго часу.

Ц. Гартны выявіў сябе наватарам, калі ўзяўся за напісанне рамана, прысвечанага рабочаму класу. Зварот пісьменніка да жанру рамана адпавядаў унутранай патрэбе развіцця беларускай літаратуры, якая яшчэ ў дарэвалюцыйны час шукала подступы да эпічнага асэнсавання нацыянальнай рэчаіснасці. Ствараючы вобраз рабочага-рэвалюцыянера Рыгора Нязвычнага, Цішка Гартны ў нейкай ступені апераджаў час, пракладваў дарогу новаму сацыяльна-псіхалагічнаму тыпу.

Аўтар узняў надзвычай важныя грамадска-палітычныя, сацыяльна-бытавыя, маральна-этычныя праблемы тагачаснага жыцця. У «Соках цаліны» ўпершыню ў беларускай літаратуры шырока прадстаўлена жыццё горада, рабочае асяроддзе праўдзіва адлюстравана грамадска-палітычная абстаноўка таго часу.

Ц. Гартны спрабаваў свае сілы ў драматургіі (ён аўтар п'ес «Хваля жыцця», «Сацыялістка», «На стыку», «Дзве сілы»), займаўся мастацкім перакладам (у яго перакладзе на беларускую мову выйшла першая кніга А. Фадзеева «Апошні з удэгэ»).

Як крытык і літаратуразнавец з’яўляецца аўтарам артыкулаў “Беларуская літаратура: агляды і нарысы”, “Янка Купала”, “Беларуская літаратура: гістарычныя нарысы”. Даследаваў творчасць Льва Талстога, Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы пра творчасць

В. Брусава, А. Блока.

Ц. Гартны значна пашырыў дыяпазон беларускай літаратуры. Яму належыць заслуга ў асваенні тэмы горада, раскрыцці псіхалогіі рабочага чалавека, паэтызацыі яго працы. У гэтым выявілася наватарства пісьменніка. Разам з тым у яго творчасці знайшлі працяг лепшыя нацыянальныя традыцыі ў паказе жыцця сялянства. Творчая спадчына Ц. Гартнага з'яўляецца адметнай вяхой на шляху развіцця і станаўлення беларускай літаратуры XX ст.

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.